ПРА́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,
паўстанне 12—17 чэрв. насельніцтва Прагі супраць абсалютысцкага рэжыму аўстр. Габсбургаў. кульмінацыйны пункт рэвалюцыі 1848—49 на чэш. землях. Непасрэднай падставай для паўстання стаў расстрэл 12 чэрв. аўстр. войскамі мірнай дэманстрацыі гараджан. Студэнты, рабочыя, рамеснікі і інш. пабудавалі барыкады і вялі баі з аўстр. гарнізонам. Паўстанне не мела агульнага плана і кіруючага цэнтра. Асобныя кіраўнікі (І.Фрыч, Л.Штур, М.А.Бакунін і інш.) спрабавалі надаць П.п. агульначэш. характар: у правінцыю былі пасланы рэв. агітатары. З 13 чэрв. чэш. лібералы Ф.Палацкі, П.І.Шафарык і інш. выступалі пасрэднікамі паміж пражцамі і аўстр. камандаваннем, аднак перагаворы паўстанцаў (патрабавалі стварэння Часовага ўрада, чэш. гал. ваен. камандавання і інш.) з пасланай з Вены ў Прагу ўрадавай камісіяй былі сарваны камандуючым аўстр. гарнізонам кн. А.Ф.Віндышгрэцам. 17 чэрв. пасля артыл. абстрэлу Прага капітулявала, многія ўдзельнікі П.п. рэпрэсіраваны.
т. 12, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)